Уладзімір Уладзіміравіч Кожух (1953–2017) – яркі прадстаўнік пакалення мастакоў, якія прыйшлі ў прафесію ў 1970–1980-х гадах і імкнуліся вырвацца за рамкі рэалізму, які ўмацаваўся ў жывапісе таго часу. Мастак прысвячаў свой творчы шлях пошукам новых форм выяўлення свайго светаадчування.
На выставе будуць прадстаўлены каля 40 жывапісных работ У. Кожуха 1980-х–2010-х гадоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і збору сям’і аўтара. Наведвальнік мае магчымасць прасачыць, як змянялася манера мастака ад ранняй творчасці, у якой адчуваецца ўплыў суровага стылю жывапісу 1960–1970-х гадоў, да позніх работ, якія часта характарызуюцца мастацтвазнаўцамі як “этнамадэрн”, семантыка якіх бярэ пачатак у архаіцы, беларускім народным і сакральным мастацтве. Тэматыка твораў Уладзіміра Кожуха дае ўяўленне аб тым, наколькі шырокае кола пытанняў хвалявала майстра на працягу творчага шляху: сацыяльныя праблемы, тэма вайны, беларускія культурныя традыцыі, народныя святы, міфалагічныя матывы, хрысціянства, беларускі пейзаж, вобраз жанчыны.