Памяці Аляксандра Адамавіча Ярашэвіча

Памяці Аляксандра Адамавіча Ярашэвіча
Да 85-годдзя з дня нараджэння (28 жніўня 1940 г. – 28 кастрычніка 2016 г.)

Вядомы беларускі гісторык мастацтва А. А. Ярашэвіч нарадзіўся ў вёсцы Любкаўшчына Стаўбцоўскага раёна ў сялянскай сям’і.  Скончыў з залатым медалём школу ў Мікалаеўшчыне, паступіў ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “атамная фізіка” працаваў настаўнікам на брэсцкім Палессі, вучыўся ў аспірантуры, затым працаваў ў Інстытуце ядзернай энэргетыкі Беларускай акадэміі навук. Прыкметай таго часу было ўзаемадзеянне “фізікаў і лірыкаў”, спрэчкі аб прыярытэтах: навука ці мастацтва. Разам з супрацоўнікамі акадэміі Ю.В. Хадыкам, І.М. Быцевай, В.В. Філіпавым, Э.С. Максімавай і інш. Аляксандр Ярашэвіч стаў удзельнікам мастацтвазнаўчага семінара, якім кіравала даследчыца старажытнабеларускага іканапісу Элеанора Іванаўна Вецер.  Яе лекцыі па гісторыі старажытнабеларускага сакральнага мастацтва, якія праходзілі ў залах Дзяржаўнага мастацкага музея БССР (з 1993 г. – Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь), і заняткі мастацвазнаўчага семінара ў сектары збора помнікаў Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР згуртавалі з ліку маладых беларускіх вучоных-атамшчыкаў кола аматараў старажытнабеларускага мастацтва.

Яны прымалі ўдзел у экспедыцыйных паездках па цэрквах і касцёлах Беларусі, ратавалі ад знішчэння помнікі царкоўнай даўніны, якія склалі ў будучым фонды старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея РБ і Музея старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі; удзельнічалі ў распачатай беларускім акадэмічным Інстытутам мастацтвазнаўства падрыхтоўцы выдання “Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Разам з вядомымі даследчыкамі беларускага мастацтва Л.М. Дробавым, В.Ф. Шматавым, В.В. Церашчатавай  дзейсны ўдзел у гэтых экспедыцыях прымаў і А.А. Ярашэвіч. 

У 1979 г. ён стаў навуковым супрацоўнікам, галоўным захавальнікам фондаў Музея старажытнабеларускай культуры, створанага пры Інстытуце мастацтвазнаўства АН БССР, канчаткова звязаўшы свой лёс са старажытнымі помнікамі.

Пад час шматгадовай работы ў Музеі старажытнабеларускага мастацтва (1979 – 2004)  Аляксандр Ярашэвіч сфарміраваўся як глыбокі даследчык, знаўца беларускай мінуўшчыны, гісторыі і культуры, медыевіст, археограф і публіцыст. Яго асабістую ўвагу на той момант прыцягнула  барочная алтарная скульптура, якой была прысвечана кандыдацкая дысертацыя даследчыка, абароненая ў 2003 г. 

З 2004 года і да апошніх дзён жыцця А.А. Ярашэвіч працаваў вядучым навуковым супрацоўнікам аддзела старажытнабеларускага мастацтва у Нацыянальным мастацкім музеі. Па яго ініцыятыве і непасрэдным ўдзеле былі здзейснены такія значымыя тэматычныя праекты старажытнабеларускага мастацтва як  “Праваслаўная ікона Расіі, Украіны і Беларусі”, “Алтарны жывапіс Беларусі”, “Святло нябеснае на зямлі”, “Беларускі іканастас”. Засталіся альбомы-каталогі, асобныя артыкулы, пошукі і знаходкі даследчыка, якія дазволілі вярнуць імёны шматлікім асобам на старадаўніх партрэтах. Дзякуючы старанням Аляксандра Адамавіча ў збор мастацкага музея былі перададзены з Жыровіцкага Успенскага манастыра ўнікальныя творы беларускага іканапісу канца XVII ст. Вялікім захапленнем даследчыка было вывучэнне цудадзейных абразоў Божай Маці, праслаўленых ў беларускіх храмах. Ім створана больш за тры сотні артыкулаў пра мастацкую спадчыну, у тым ліку для энцыклапедычных выданняў.

Аляксандр Ярашэвіч назаўжды ўвайшоў у кола тых выдатных даследчыкаў старажытнабеларускага мастацтва, дзякуючы якім нашы веды пра беларускую мастацкую спадчыну сталі больш грунтоўнымі, даставернымі і глыбокімі.

Калегі Аляксандра Адамавіча  Ярашэвіча захоўваюць аб ім добрую памяць. 

Супрацоўнікі аддзела старажытнабеларускага мастацтва

Падзеі
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Канцэрт «Вясновае абуджэнне»
Канцэрт «Вясновае абуджэнне»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».
Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»
Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі