Пераемнасць пакаленняў

Пераемнасць пакаленняў
У філіяле Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь “Музей беларускага народнага мастацтва” працуе выстава твораў вучняў і выпускнікоў цыклавой камісіі “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага “Пераемнасць пакаленняў”.

2025 год быў юбілейным для цыклавой камісіі, ля вытокаў стварэння якой стаяла і на працягу дзесяці гадоў узначальвала Чырвонцава Вікторыя Мікітаўна – Народны майстр Рэспублікі Беларусь. Дзякуючы ёй сёння добра вядома маладзечанская школа выцінанкі, а Маладзечанскі музычны каледж з’яўляецца адзінай установай у нашай краіне, якая дае прафесійныя веды па гэтаму віду мастацтва.

Нездарма шматгадовая плённая праца па захаванні, развіцці і перадачы ведаў аб мастацтве выразання з паперы была прызнана Міжурадавым камітэтам па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны  ЮНЕСКА падчас 19-й сесіі ў Парагваі 4 снежня 2024 года. “Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі” была ўключана ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. 

Акрамя асноўнага накірунка дзейнасці каледжа – выкладання малюнка, жывапісу, кампазіцыі, колеразнаўства, камп’ютарнай графікі і іншых дысцыплін, праводзіцца вялікая творчая праца па развіцці народнага мастацтва саломапляцення, аплікацыі з саломкі, разьбы па дрэве і выцінанкі. За перыяд свайго існавання цыклавая камісія дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Маладзечанскага музычнага каледжа стала сапраўдным цэнтрам развіцця народнай мастацкай культуры ў рэгіёне. Былыя студэнты едуць у свае рэгіёны і працягваюць традыцыі школы. Многія з іх працуюць выкладчыкамі дзіцячых школ мастацтваў, метадыстамі раённых цэнтраў рамёстваў, метадычных цэнтраў народнай творчасці.

На выставе прадстаўлены творы вучняў і выпускнікоў, якія працавалі пад кіраўніцтвам выкладчыкаў цыклавой камісіі: Валковіч-Борыс Людмілы Мікалаеўны, Чырвонцавай Лізаветы Львоўны, Гамолка Андрэя Пятровіча. Дзякуючы намаганням выкладчыкаў, іх падтрымцы, вялікай любові да сваёй справы, за 30 гадоў свайго існавання цыклавая камісія выпусціла больш за 300 вучняў. Акрамя таго, Валковіч-Борыс Л. М., якая ўзначальвае цыклавую камісію з 2006 года, і выкладчык Чырвонцава Л. Л. маюць званне “Народны майстар Рэспублікі Беларусь”.

Таленавітая, зацікаўленая і працавітая моладзь у сценах каледжа атрымоўвае ўнікальныя веды праз пераемнасць традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і ручнога мастацкага рамяства ад майстра – навучэнцам. Маладыя людзі становяцца носьбітамі выключнага вопыту, які яны павінны перадаць наступнаму пакаленню.

На выставе “Пераемнасць пакаленняў” прадстаўлена больш за 50 мастацкіх работ вучняў і выпускнікоў цыклавой камісіі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаных за апошнія 16 гадоў.

Падзеі
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Канцэрт «Вясновае абуджэнне»
Канцэрт «Вясновае абуджэнне»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».
Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»
Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі