Выстава

Выстава адной карціны Альгерда Малішэўскага “Медсёстры”

Выстава адной карціны Альгерда Малішэўскага “Медсёстры”

Філіял "Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі"

Малішэўскі Альгерд Адамавіч
Малішэўскі Альгерд Адамавіч
8.09.1922 – 22.11.1989

Нарадзіўся мастак у г. Бабруйску. Беларускі жывапісец. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1977). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У 1952 годзе скончыў Харкаўскі мастацкі інстытут, факультэт жывапісу, выкладчыкамі былі А. Котаў, А. Любімскі, Д. Шавыкіна. Удзельнік мастацкіх выстаў з 1956 года, член БСМ з 1965 года. Працаваў ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Яго творчасці ўласцівы адкрытая эмацыянальнасць, імкненне да жывапісна-пластычных пошукаў. Малішэўскі А.А. – адзін з тых, хто сцвярджаў сваё мастацтва ў 1960-я гады, якія сталі для савецкага мастацтва пераломным момантам, перыядам зараджэння новых форм мастацкай мовы.

Альгерд Адамавіч Малішэўскі – мастак, які вельмі ўдала працаваў у жанры сюжэтна-тэматычнай карціны. Яго творы характаразуе лірыка-філасофскі падыход, які дапамагаў больш поўнаму раскрыццю тэмы.

Развіццё філасофскага пачатку звязана ў творчасці Малішэўскага і з творамі на ваенную тэматыку: “Мы вернемся” (1965), “ Медсёстры” (1985), “Хатынь” (1971),“Гады вайны” і “Салдаты – сыны Радзімы” (1970).

Менавіта твор “Медсёстры” з фондавай калекцыі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Е.Р. Раманава дэмаструецца ў гонар свята да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 755-годдзя горада Магілёва ў выставачнай зале Музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў Магілёве. 

Мастак выражаў сябе ў гэтым творы мнагазначна, гарманічна падпарадковываючы свайму замыслу ўсе сродкі мастацкай выразнасці: фактуру, колер, рытм, святло. З аднаго боку, твор “Медсёстры”  прасякнуты дабрынёй і міласэрнасцю, а з другога – мужнасцю, гераізмам і стойкасцю. Менавіта гэтыя прынцыпы і сталі асновай твора заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Альгерда Адамавіча Малішэўскага.

Загадчык філіяла, Святлана Строгіна

Малішэўскі Альгерд
Альгерд Малішэўскі “Медсёстры” 1985

Работа выставы працягнецца 
да 31 ліпеня 2022 года