На выставе прадстаўлены жывапіс Лізаветы Аўчыннікавай – мастачкі з выпрацаваным прафесійным почыркам і пачуццём стылю. Разнастайнасць сюжэтаў і тэхнічных прыёмаў, яркасць каларыту з’яўляюцца адметнымі рысамі яе творчасці. Аўтар паслядоўна эксперыментуе, ужываючы розныя тэхнічныя і стылявыя рашэнні. Свабодна валодаючы тэхнікай акадэмічнага малюнка, мастачка робіць акцэнт на сімволіцы і вытанчаных сэнсавых сюжэтах. Яе творам уласцівыя інтэлектуальны падыход да каларыту, экспрэсіўнасць формы і колеру, глыбокая прапрацоўка фактуры палатна.
Выставачны праект «Момант нейтральны» ўяўляе сабой даследаванне пункта судакранання аўтара з рэальнасцю. Пад нейтральнасцю тут разумеецца не адсутнасць пачуццяў, а прастора найбольшай канцэнтрацыі, у якой аб’ект губляе звыклае значэнне і надзяляецца новым сэнсам праз колер, лінію і фактуру. Свет сам па сабе пазбаўлены афарбоўкі і з’яўляецца нейтральным асяроддзем. Погляд мастака становіцца інструментам, які парушае гэты спакой.
Мастак пры дапамозе яркіх вобразаў на палотнах прапануе гледачу пазнаёміцца з ключавымі напрамкамі праекта, такімі як трансфармацыя аб’екта праз прызму аўтарскага бачання, дыялог парадку і хаосу, момант суб’ектыўнай цішыні карціны.
Выстава жывапісу «Момант нейтральны» працягнецца да 19 ліпеня 2026 года.
Куратар – Ларыса Будкевіч, старшы навуковы супрацоўнік філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Музей В. К. Бялыніцкага-Бірулі».