Выстаўка абраза “Нараджэнне Маці Божай”

Выстаўка абраза “Нараджэнне Маці Божай”
21 верасня 2024 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (г. Мінск, вул. Леніна, 20а) адкрываецца выстаўка абраза з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь – “Нараджэнне Маці Божай” 1648-1650 гг., прымеркаваная да свята Нараджэння Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі.

21 верасня праваслаўная царква адзначае Нараджэнне Прасвятой Багародзіцы і Прыснадзевы Марыі.

Нараджэнне Маці Божай уваходзіць у лік дванаццаці галоўных хрысціянскіх свят. Літаратурнай крыніцай звестак аб нараджэнні Дзевы Марыі з'яўляецца апакрыфічнае Протаевангелле Якава (II стагоддзе). Там расказана, што ў набожнай сямейнай пары з Іерусаліма, Іаакіма і Ганны, доўгі час не было дзяцей. Яны вельмі пакутвалі ад гэтага. І вось аднойчы, калі яны паасобку маліліся аб дараванні ім дзіцяці, абодвум было з’яўленне анёла, які абвясціў, што Гасподзь пачуў іх малітвы. Пасля гэтага дабравесця Ганна зачала. Муж і жонка далі абяцанне прысвяціць сваё дзіця Богу і, як было тады ў звычаі, аддаць яго ў Іерусалімскі храм для служэння і выхавання да паўналецця. Праз дзевяць месяцаў Ганна нарадзіла дачку, якую назвалі Марыяй.

Кампазіцыя “Нараджэнне Маці Божай” становіцца класічнай у помніках візантыйскага жывапісу X–XIII стст.: праведная Ганна напаўляжыць або сядзіць на высокім ложы, перад ёй – жанчыны з дарамі і служанкі, якія абмываюць нованароджаную Марыю ў купелі. На іконах пазнейшага часу з'яўляецца праведны Іаакім. У XVI-XVII стст. фарміруецца пашыраная іканаграфія, якая ўключае дадатковыя сцэны, мноства бытавых дэталяў.

Прадстаўлены абраз “Нараджэнне Маці Божай” дэманструе традыцыйны варыянт іканаграфіі. У правай частцы кампазіцыі паказана Праведная Ганна ў чырвоным адзенні, якая сядзіць на ложы. Перад Ёй стол з дарамі і пачастункамі, прынесенымі служанкамі. Злева, у аконным праёме вежы – праведны Іаакім. У ніжняй частцы кампазіцыі змешчаны сцэны “Купання немаўля Марыі”, “Спавівання немаўля Марыі” і “Ласкання бацькамі немаўля Марыі”.

Зваротная перспектыва ў адлюстраванні ложа, стала, ступеністага ўзвышэння спалучаецца ў кампазіцыі твора з выкарыстаннем прамой геаметрычнай перспектывы, трактоўкай архітэктурных куліс у выглядзе рэнесансных палацца з аркамі. У характары касцюмаў другарадных персанажаў, формах хатняга начыння ў абразе з Ляхаўцаў знайшоў адлюстраванне працэс насычэння вобраза бытавымі падрабязнасцямі, які адбываўся ў беларускім іканапісе ў XVII ст. 

Выстаўка будзе працаваць да 6 кастрычніка 2024 года.

Куратар выстаўкі – Сысоева Любоў Львоўна, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Падзеі
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».
Урачыстае адкрыццё выставы «Графіка мастакоў таварыства "Бубновы валет"».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Канцэрт «Вясновае абуджэнне»
Канцэрт «Вясновае абуджэнне»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».
Урачыстае адкрыццё выставы «Навагодняя казка».

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі

Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»
Урачыстае адкрыццё выставы «Рускі імпрэсіянізм»

Музей В.К. Бялыніцкага-Бірулі