Добрай традыцыяй Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь з’яўляецца прадстаўленне найбольш яркіх і паспяховых выставачных праектаў, якія прайшлі ў музеі, у сваім філіяле – Музеі В.К. Бялыніцкага-Бірулі ў г. Магілёве. Не выключэннем стала і выстава “Калі мы былі дзецьмі”. У экспазіцыі будзе прадстаўлена звыш 70 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фатаграфіі беларускіх майстроў XX–XXI стст. і адзін твор рускага мастака-графіка XX ст. Яўгена Кацмана са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.
Выставачны праект “Калі мы былі дзецьмі” з дапамогай красамоўных вобразаў ілюструе ранняе жыццё чалавека – ад нараджэння да паўналецця, тую бясконцую радасць, любоў, надзею, даверлівасць, хараство, гуллівасць, летуценнасць, уласцівыя адчуванню шчаслівага дзяцінства. Беларускія майстры ХХ–XXI стагоддзяў у сваіх творах адлюстроўваюць асабіста перажыты вопыт дзяцінства і дэманструюць уяўленне пра дзяцінства эпохі, калі яны жылі і стваралі і дзе праходзіла дзяцінства ўжо іх дзяцей. Гэта той свет рэчаў, гукаў, імёнаў, падзей, які сфарміраваў светапогляд некалькіх пакаленняў. Тэматычная выстава ахоплівае перыяд з пачатку ХХ стагоддзя па першую чвэрць XXI стагоддзя – ад жывапіснага партрэта Юдэля Пэна 1903 года да скульптурнай кампазіцыі Вольгі Орсік 2019 года, ад фарфоравай статуэткі Міхаіла Бяляева 1963 года да фатаграфічных серый Вадзіма Качана 1980-х гадоў, у асноўным ствараючы вобраз савецкага дзяцінства 1950–1960-х гадоў.
На афішы:
Мікалай Канстанцінавіч Казакевіч. 1934–2021
Юнацтва. 1971
Палатно, алей